Літаратура падарожжаў як гістарычная крыніца. Запіскі замежных дыпламатаў і падарожнікаў аб Беларусі

Дата: 12.01.2016

		

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ

кафедра
гісторыі Беларусі

РЭФЕРАТ

на тэму:

«ЛІТАРАТУРА ПАДАРОЖЖАЎ ЯК ГІСТАРЫЧНАЯ КРЫНІЦА. ЗАПІСКІ
ЗАМЕЖНЫХ ДЫПЛАМАТАЎ І ПАДАРОЖНІКАЎ

АБ
БЕЛАРУСІ»

МИНСК, 2008

Літаратуры падарожжаў заўсёды
належала істотная роля ў працэсе знаёмства розных народаў. Безумоўна,
падарожнікі за кароткі час маглі скласці толькі павярхоўнае ўражанне аб
убачаным. Даволі часта яны свядома скажалі рэчаіснасць, рабілі вывады з
выпадковых з’яў. Да чужынцаў у эпоху сярэднявечча не толькі ў Маскоўскай
дзяржаве ставіліся з недаверам, не спяшаліся ім раскрываць душу. І ўсё ж
запіскі падарожнікаў змяшчаюць свежы погляд прадстаўніка іншай культуры, іншых
традыцый і каштоўнасцей.

Аналізуючы запіскі
падарожнікаў, неабходна не толькі вывучаць асо-бу падарожніка, але і мэту
падарожжа, тыя задачы, якія ставіліся перад ім.

У дачыненні да гэтага можна
заўважыць, што ў XVI ст. праз Беларусь праязджалі тыя, каго не столькі жаданне,
колькі справа (дыпламатычная і інш.) вымушала падарожнічаць. Бо XVI ст. – гэта
новы этап узаемаадносін Усходу і Захаду. Краіны Паўночнай і Заходняй Еўропы,
якія ўступілі на шлях развіцця капіталізму, мелі патрэбу ў новых крыніцах
узбагачэння і рынках збыту. Яны ўсё часцей звярталі ўвагу на дзяржавы Усходняй
Еўропы і Азіі. Былі і іншыя прычыны для пільнай увагі да ўсходніх суседзяў,
найперш Маскоўскай дзяржавы: турэцкая агрэсія вымушала шукаць новых саюзнікаў,
а рэфармацыйныя рухі спарадзілі цікавасць новых сучаснікаў да навакольнага
свету, найперш да суседніх народаў і краін. На хвалі гэтых розных і
супярэчлівых інтарэсаў праз Беларусь, на Усход рушылі замежныя прадпрымальнікі,
дыпламаты, гандляры, навукоўцы.

Адны з іх аб Беларусі
пакінулі звестак няшмат. Яны былі захоплены сабой і сваімі ўласнымі справамі.
Да ліку такіх можна аднесці Дж. Гарсея – тыповага прадстаўніка англійскіх
дзелавых колаў XVI ст. Ён пакінуў аж тры самастойных творы аб Расіі, але
Беларусь, княства Літоўскае цікавіла яго толькі як шлях да Масквы, дзе ён
знаходзіўся амаль два дзесяцігоддзі. Дарэчы, у Маскоўскай дзяржаве яго
ахрысцілі Ерамеем, а ад Уільма – прозвішча Ульянаў – хто яго ведае, можа і
пакінуў ён на маскоўскай зямлі сваіх нашчадкаў. Ён апавядае толькі пра
ўрачыстыя сустрэчы яго пры двары караля Рэчы Паспалітай, апісвае багацці
літоўскіх магнатаў, найперш Радзівілаў, і iх гасціннасць. Яго «Запіскі» аб
Расіі XVI – пачатку XVII ст. істотнага значэння для вывучэння гісторыі
Беларусі, такім чынам, не маюць.

Як супрацьлегласць яму
Рэйнгольд Гейдэнштэйн. Сакратар прускага князя, адукаванейшы чалавек – ён з
1582 г. на працягу 30 гадоў знаходзіўся на службе пры двары каралёў Рэчы
Паспалітай С. Баторыя і Жыгімонта ІІІ Вазы. Невыпадкова, што яго праца «Запіскі
пра Маскоўскую вайну» заснавана не толькі на ўласных назіраннях, але і на
дакументах, якія Р. Гейдэнштэйн трымаў у руках. Да таго ж у яе рэдагаванні (а
магчыма, і ў напісанні) прымалі ўдзел С. Баторый і Я. Замойскі. Зразумела, што
ў сваім апісанні Р. Гейдэнштэйн абараняў іх палітыку і ставіўся да азначаных
асоб з яўнай сімпатыяй. У пэўнай ступені – гэта праца не падарожніка, а
пастаяннага жыхара Рэчы Паспалітай, толькі іншаземнага паходжання.

У гэтым сэнсе большым іншаземцам
з’яўляўся С. Герберштэйн. Пасольства на чале з С. Герберштэйнам 2 разы (у 1516
і 1526 г.) праязджала праз тэрыторыю Беларусі, накіроўваючыся да маскоўскага
цара ад аўстрыйскага імператара Максіміліяна. Па дарозе С. Герберштэйн вёў
дзённік, які, вярнуўшыся на радзіму, апрацаваў і апублікаваў у 1549 г. пад
назваю «Запіскі аб маскавіцкіх справах». Але, акрамя «маскавіцкіх спраў» тут
шмат звестак аб Беларусі і ВКЛ увогуле.

Даволі падрабязныя звесткі аб
беларускіх землях ёсць у запісках венецыянскага пасла Фаскарыно, які быў у
Беларусі ў 1537 г., англічаніна Флетчэра (1584 г.), немца Петрэя, што пражыў у
Расіі 4 гады (1616 – 1620 гг.), аўстрыйскага пасла Меерберга (1661 г.), чэха
Танера (1678 г.), сакратара аўстрыйскага пасольства Корба (1698, 1699 гг.) і
многіх іншых.

Аналізуючы запіскі замежных
дыпламатаў і падарожнікаў, неабходна імкнуцца аддзяліць убачанае і апісанае
непасрэдна імі ад звестак з іншых рук, іх абагульненняў. Так, А. Пасевіна
карыстаўся звесткамі вядомага купца Дж. Тэдальдзі (ён як спрактыкаваны дыпламат
вывучаў звесткі аб краінах, куды ён павінен быў накіроўвацца). Пры гэтым
істотнае значэнне мае вывучэнне факта аб тым, цi валодаў той ці іншы аўтар
мовай тых народаў, тэрыторыю якіх ён праязджаў. Можна заўважыць, што мэты і
задачы падарожнікаў шмат у чым вызначалі змест назіранняў.

На што ж найперш звярталі
ўвагу іншаземцы, праязджаючы праз Беларусь? Па-першае, яны пакінулі шмат
звестак аб геаграфічных і прыродных умовах, аб межах Беларусі (многія з іх
даволі дакладна вызначалі этнічныя межы Беларусі: заходнюю – Брэст, Гродна,
паўночную – Друя, Віцебск, Полацк, паўднёвую – Прыпяць, усходнюю – Днепр). Шмат
каго ўжо ў XVI ст. цікавіла сама назва Белая Русь. Пры гэтым нараджаліся самыя
неверагодныя версіі. Так, паводле меркавання немца Петрэя, назва «Белая»
паходзіць ад таго, што мужчыны ў летні час носяць белыя шапкі, а жанчыны
набельваюць твар.

Па-другое, вельмі шмат
звестак аб прыродзе Беларусі. Безумоўна, што на характарыстыку апошняй істотна
ўплываў пэўны сезон, калі іншаземец праязджаў праз Беларусь. Летам гэта былі
«прыгожыя даліны», вясной і восенню – балоты, гразь. Побач з летапісамі,
запіскі іншаземцаў з’яўляюцца цікавай крыніцай для вывучэння клімату Беларусі
пэўнага часу.

Падарожнікі адзначаюць
суровыя, але ўсё ж спрыяльныя для гаспадаркі прыродна-геаграфічныя ўмовы
(асабліва для жывёлагадоўлі, рыбнай лоўлі, палявання, бортніцтва). З культур,
што вырошчвалі, упамiнаюць збажыну, проса, грэчку, лён. У лясах вадзіліся туры
і зубры. С. Герберштэйн іх адрозніваў і нават пакінуў замалёўкі.

Пераважная частка
падарожнікаў пакінула звесткі аб шляхах зносін. Можна заўважыць, што яны
праязджалі ў кірунку Вільня, Полацк, Ноўгарад, але часцей – праз Вільню ці
Брэст і далей праз Мінск, Барысаў, Оршу. Зімою выкарыстоўвалі «рускія сані»,
летам – лёгкія фурманкі. Не самыя лепшыя эпітэты можна знайсці ў запісках
падарожнікаў аб беларускіх дарогах.

Пытанні эканамічнага жыцця
гарадоў і мястэчак Беларусі асвятляліся павярхоўна, няпоўна ці зусім не
асвятляліся. Больш падрабязна – геаграфічнае становішча гарадоў, знешні выгляд,
абарончыя збудаванні, прыводзіліся звесткі аб колькасці цэркваў.

Мемуарная лiтаратура XIX – пачатку XX ст

Канец XVIII – першая палова XIX ст. характарызуюцца своеасаблiвай модай
на мемуарную лiтаратуру. У гэты час была створана вялiкая колькасць успамiнаў,
дзённiкаў, нататак i хранографаў-дыярыушаў. Вельмі цiкавыя старонкi мемуарнай
лiтаратуры гэтага перыяду складаюць i запiскi пада-рожнiкаў. Уключэнне Беларусi
ў склад Расiйскай iмперыi выклiкала з’яўленне вялiкай колькасцi запiсак рускiх
падарожнiкаў. Апошнiя адкрывалi для сябе гэты край, якi ў афiцыйнай прапагандзе
акрэслiваўся як «искони русский», а ў свядомасцi рускага грамадства вызначаўся
рознымi тэрмiнамi: «беларускi», «лiтоўскi», «польскi». На самым пачатку XIX ст.
у «присоединенные провинции» накiроўвалiся па справах свецкiя i духоўныя асобы.
З 1812 г. свае запiскi аб падзеях на тэрыторыi сучаснай Беларусi (яны ўжо
называюць яе «айчынай») пакiдаюць рускiя афiцэры (у прыватнасцi, вядомы i зараз
пiсьменнiк I. I. Лажэчнiкаў). Пасля ж паўстання 1830 – 1831 гг. Беларусь, такая
знаёмая i незнаёмая, вабiла рускiх лiтаратараў, мастакоў, увогуле людзей
творчых прафесiй. Гэта адбiлася i на змесце лiтаратуры падарожжаў. Здзiўленне
ад не падобнай на рускую мовы i звестак аб добрых дарогах змяняецца захапленнем
беларускай прыродай, гiсторыяй беларускiх гарадоў i храмаў, вывучэннем традыцый
i святаў мясцовага насельнiцтва.

Мода на дарожныя
нататкi прадвызначыла з’яўленне i твораў прадстаўнiкоў мясцовай, беларускай,
iнтэлiгенцыi, якiя iмкнулiся пазнаёмiць суседзяў з гiсторыяй i традыцыямi
свайго народа, не менш цiкавымi (па iх меркаванні), чым гiсторыя старажытных
грэкаў i рымлянаў. Найбольш яркай старонкай азначанай творчасцi з’явiлася серыя
нарысаў «Падарожжы па Палессі і беларускім краі», што была апублiкавана ў
«Современнике» ў 1853 – 1855 гг. (у 1992 г. «Падарожжы…» былі перавыдадзены ў
Мiнску з прадмовай С. А. Кузняевай). Аўтарам iх быў Павел Шпiлеўскi, якi
нарадзiўся ў 1823 г. у в. Шыпiлавiчы Бабруйскага павета Мiнскай губернi ў сям’i
праваслаўнага святара, закончыў Мiнскую семiнарыю, Пецярбургскую духоўную
акадэмiю, але адмовiўся ад царкоўнай кар’еры. «Путешествия…» сталі вiзiтнай
карткай вядомага публiцыста i лiтаратара. Асаблiва каштоўныя тыя старонкi
гэтага патрыятычнага твора, дзе аўтар пiсаў аб тым, што добра ведаў i бачыў
уласнымi вачыма. Гэта звесткi аб кiрмашах, аб беларускiх гарадах i мястэчках,
iх насельнiцтве, аб жыццi простага селянiна i памешчыкаў. П. Шпiлеўскi не
пакiнуў па-за ўвагай таксама татар i яўрэяў, якiя здаўна пражывалi на Беларусi.

У XIX ст. не
толькi павялiчваецца колькасць мемуарнай лiтаратуры, але i адбываюцца пэўныя
змены ў складзе яе аўтараў. З’яўляецца ўсё больш мемуарных твораў прадстаўнiкоў
мяшчан, духавенства, студэнцтва. На змену апалiтычнасцi i абыякавасцi да лёсаў
Айчыны прыходзiць патрыятызм, iмкненне да вызначэння свайго месца ў агульным
працэсе нацыянальнага вызвалення. Гэта можна заўважыць ужо на прыкладзе
ўспамiнаў Адама Чартарыйскага, якi займаў высокiя пасады ў гады царавання
Аляксандра I i быў iнiцыятарам шматлiкiх лiберальных праектаў тых часоў (яны
былi закончаны праз шмат гадоў, у эмiграцыi).

Яшчэ ў большай
ступенi публiцыстычная накiраванасць характэрная для мемуарных твораў дзеячаў
тайных таварыстваў. Вядома, што з Беларуссю звязаны лес многiх дзекабрыстаў.
Тыя з iх, хто жыў тут, праязджаў праз Беларусь (А. I. Адоеўскi, А. А. Бястужаў
(Марлiнскi), У. Ф. Раеўскi, А. Я. Розен, У. I. Штэйнгель), пакiнулi свае
ўражаннi аб беларускiх гарадах i мястэчках, побыце шляхты, становiшчы сялян,
назiраннi над прыродай краю. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што значная частка
мемуараў стваралася (i публiкавалася) праз пэўны час, за якi асобныя з аўтараў
эвалюцыянiравалi да лiбералiзму i iмкнулiся апраўдаць сябе ў вачах урада i
дваранства. Мемуарная лiтаратура ў гэты час з’яўлялася водгукам на ўсе значныя
падзеi ў грамадска-палiтычным жыццi краю. У прыватнасцi, падзеi, звязаныя са
скасаваннем унii, знайшлi адлюстраванне ў «Запiсках» I. С. Жыркевiча, Я. А.
Чабадзько, М. Маркса i iнш., частка якiх апублiкавана або знаходзіцца ў
архiвасховiшчах Львова, Масквы, Мiнска.

Дзейнасць К.
Калiноўскага, эпiзоды паўстання 1863 г. адлюстравалiся як ва ўспамiнах яго
ўдзельнiкаў (Я. Гейштара, Е. I. Кучэўскага-Парая, Ф. Ражанскага i iнш.), так i
прадстаўнiкоў мясцовай адмiнiстрацыi (М. М. Мураўёва, I. А. Нiкiцiна, А. М.
Масалава). Гэта дае магчымасць для супастаўлення звестак, ацэнак падзей,
асобных дзеячаў паўстання. Не толькi адным з першых даследаванняў, але i
цiкавай крынiцай аб 1863 г. на Беларусi з’яўляюцца «Сведения о польском мятеже
1863 г. в Северо-Западной России» В. Ратча (Вильна, 1867 – 1868. Т.1 – 2).

Неабходна
адзначыць, што ў другой палове XIX – пачатку XX ст. колькасць мемуарных твораў
яшчэ больш павялiчваецца, з’яўляюцца (хоць i ў невялiкай колькасцi) мемуары
рабочых i сялян. Калi ў першай палове XIX ст. пераважала падрабязнае апавяданне
аб мiнулым, якое разгортвалася ў храналагiчнай паслядоўнасцi, то зараз
мемуарыстыка часам набывае эцюдны, незавершаны характар (прыкладам могуць быць
успамiны А. Я. Багдановiча). Значная частка мемуарных твораў i гэтага часу
засталася неапублiкаванай пры жыццi аўтараў. Аднак павелiчэнне выданняў (у тым
лiку перыядычных) пашырала магчымасцi для публiкацыi, мемуарысты пiшуць
пераважна для сучаснiкаў, а не «для сябе».

З пачатку XX ст.
узрастае колькасць мемуарных твораў удзельнiкаў антыўрадавага руху. З 1905 г.
яны публiкавалiся ў вялiкай колькасцi як у асобных выданнях, так i ў часопiсах
«Былое», «Голос минувшего», а пасля 1917 г. – у «Каторге i ссылке». Дарэчы,
трэба адрознiваць мемуарныя творы, якiя пiсалiся ў гэты час i пра гэты час
(значная частка iх дапрацоўвалася пад уздзеяннем падзей 1917 г.). Таму больш
дакладнымi ўяўляюцца звесткi дзённiкаў. Сярод вялiкай iх колькасцi найперш
неабходна адзначыць «Дзённiк» А. Луцкевiча, звесткi якога з’яўляюцца вельмі
цiкавай (часам адзiнай) крынiцай аб разгортваннi беларускага нацыянальнага руху
i яго дзеячах.

Асобныя з
мемуарных твораў з’яўляюцца спробамi вывучэння грамадскай думкi, побыту пэўных
слаёў насельнiцтва, наблiжаюцца да публiцыстычных замалёвак, нататак. Прыкладна
такi характар маюць мемуары Ф. А. Кудрынскага – лiтаратара, гiсторыка,
этнографа, педагога. У першую сусветную вайну ён трапiў у Рагачоў. Асабiстыя
яго назiраннi i ўражаннi знайшлi адбiтак у зборнiку «Людские волны. Беженцы», што
быў выдадзены ў Петраградзе ў 1917 г.

Пры вывучэннi
дзённiкаў неабходна мець на ўвазе адну акалiчнасць. Даволi часта ў запiсках
можна сустрэць звесткi аб iх выключна канфiдэнцыяльным характары. Аднак
складальнiкi дзённiкаў у любым выпадку ўсё ж улiчваюць магчымасць прачытання iх
матэрыялаў iншымi, часам нядобразычлiвымi асобамi i гэта накладвае пэўны
адбiтак на iх твор. Неабходна таксама адрознiваць асабiстыя дзённiкi i дзённiкi
афiцыйныя, службовыя. Апошнiя могуць складаць частку афiцыйнай дакументацыi.

Мемуарная літаратура навейшага часу

Агульная характарыстыка. У розных працах
крыніцазнаўчага характару можна сустрэць вызначэнне мемуарнай літаратуры як
віду гістарычных крыніц выключна асабістага паходжання. Нельга згадзіцца з
такім сцвярджэннем цалкам. Мемуары непазбежна з’яўляюцца адлюстраваннем пэўнай
эпохі, на iх аказвае безумоўны ўплыў час напісання. Апошнюю акалічнасць
даследчык ніколі не павінен пакідаць па-за ўвагай. Крыніцы навейшага
(савецкага) часу ярка сведчаць, што на працягу свайго жыцця ў розны час тыя ці
іншыя дзеячы па-рознаму ацэньвалі падзеі, асэнсоўвалі мінулае. Таму, нягледзячы
на магчымасць розных падыходаў да класіфікацыі мемуарнай літаратуры навейшага
часу, вызначым яе падзел па наступных перыядах:

1) 1917 – 1927 гг.;

2) канец 1920-х – 1930-я гг.;

3) перыяд Вялікай Айчыннай
вайны (1941 – 1945) і першае пасляваеннае дзесяцігоддзе;

4) другая палова 1950 –
сярэдзіна 1980-х гг.;

5) з канца 1980-х гг. па
сучасны перыяд.

Разам з
тым можна адзначыць шэраг агульных заўваг у дачыненні да вывучэння мемуараў
навейшага часу. Відавочна рэзкае скарачэнне колькасці дзённікаў. Няцяжка
растлумачыць, чаму такая папулярная раней форма запісу сваіх перажыванняў,
пачуццяў, як дзённікі, у рэвалюцыянераў, партыйных і савецкіх работнікаў не
выклікала цікавасці. Па-першае, у іх існавала пэўная прадузятасць у адносінах
да такой формы (успомнім словы У. Маякоўскага, што «голос единицы тоньше
писка»), дададзім да таго цвёрдую перакананасць у тым, што сентыментальнасць не
павінна быць уласцiвай камуністу. Для творчай жа інтэлігенцыі, якая ўзрасла на
глебе «беларусізацыі» да канца 1920-х гг., пісаць дзённікі стала небяспечна.
Рэпрэсіі, а пасля вайна прадвызначылі рашэнне многіх аўтараў, што не час зараз
пісаць дзённікі.

Многія з дайшоўшых да нас
дзённікаў навейшага часу (як сведчыць характар запісаў у іх) вяліся аўтарамі
для памяці, для таго, каб не забыць нічога істотнага і пасля на падставе
запісаў аднавіць падзеі больш шырока; у іх адсутнічае такая характэрная рыса
дзённікавых запісаў, як эмацыянальная насычанасць.

Вывучаючы ўспаміны, трэба
разумець, што пісаліся яны часцей зусім у іншых умовах. Неабходна вылучаць два
перыяды ў жыцці мемуарыста: 1) да апісаных падзей, уключаючы апошнія; 2) ад
часу падзей да часу стварэння ўспамінаў. Значэнне першага перыяду зразумела,
значэнне ж другога істотнае таму, што перажытае мемуарыстам пасля апісаных ім
падзей часам міжвольна накладвае на трактоўку мінулага асаблівы адбітак. У
дачыненні да іх у большай ступені, чым да іншых пісьмовых крыніц, трэба
вызначыць пабуджальныя матывы, пэўны «сацыяльны заказ».

Успаміны, напісаныя праз
невялікі тэрмін, больш дакладныя. І не толькі таму, што тыя ці іншыя дэталі
яшчэ не сцерліся ў памяці мемуарыста. Справа яшчэ і ў тым, што жывыя сведкі
гэтых падзей, іх вялікая колькасць прымушае аўтара да самаправеркі,
самакантролю. Безумоўна, апошняе не пазбаўляе даследчыка ад неабходнасці
супастаўляць звесткі мемуарных са сведчаннямі дакументальных крыніц.

У навейшы час істотна
павялічваецца колькасць такіх відаў мемуарных крыніц, як біяграфічныя анкеты,
аўтабіяграфіі, стэнаграфічныя запісы ўспамінаў і інш.

Біяграфічныя анкеты (ці
анкеты біяграфічнага характару) найчасцей мелі афіцыйнае прызначэнне і змяшчалі
пэўныя, рэгламентаваныя звесткі. У савецкі час гэты від дакументаў набыў
асаблівае значэнне, паколькі партыйна-дзяржаўны апарат імкнуўся кантраляваць
жыццё сваіх грамадзян. Дзесяцігоддзямі спецыяльныя службы распрацоўвалі
анкетныя фармуляры, сачылі за дакладнасцю іх інфармацыі. Анкеты абавязкова
запаўняліся ў выпадках, звязаных са зменай сацыяльнага становішча чалавека.
Рэгламентаванасць зместу біяграфічных анкет прымушае многіх даследчыкаў
адносіць іх не да жанру мемуарнай літаратуры, а да матэрыялаў справаводства
пэўных устаноў, у выніку дзейнасці якіх яны фармiравалiся.

Аўтабіяграфіі адрозніваюцца
ад анкет не толькі тым, што іх змест вызначаецца самім аўтарам, але і большым
аб’ёмам. На змест аўтабіяграфіі вялікі ўплыў аказвала іх прызначэнне
(уступленне ў камсамол, у партыю, паступленне на працу і г. д.). У той час як
істотная частка іншых відаў мемуарнай літаратуры навейшага часу апублікавана,
біяграфічныя анкеты, аўтабіяграфіі, стэнаграфічныя запісы ўспамінаў захоўваюцца
ў архівах і яшчэ толькі чакаюць сваіх даследчыкаў.

У дачыненні да першага
перыяду (1917 – 1927) можна адзначыць, што ў гэты час пераважаюць мемуары
ўдзельнікаў рэвалюцыйнага руху, грамадзянскай вайны. Невялікія па аб’ёму, яны
друкаваліся на старонках часопісаў, газет, а таксама асобных зборнікаў,
прысвечаных 10-годдзю кастрычніцкіх падзей. Іх асаблівасцю было тое, што цікавай
была не столькі асоба аўтара, колькі падзея ці асоба, аб якіх пісаў мемуарыст.
Самі аўтары ў найменшай ступені пісалі свае ўспаміны ў адпаведнасці з
кан’юнктурнымі меркаваннямі, але іх падбор да публікацыі быў, безумоўна,
тэндэнцыйным.

У гэты ж
перыяд з’яўляюцца і асобныя ўспаміны беларускіх нацыянальных дзеячаў. Часам яны
былі прысвечаны сумным падзеям у нацыянальным жыцці. Так, у першыя ўгодкі
смерці Івана Луцкевіча выйшаў зборнік, прысвечаны яго памяці. Безумоўна, што ў
гэтым зборніку былі і спробы асэнсавання пройдзенага беларускім рухам этапу,
якому І. Луцкевіч прысвяціў сваё жыццё. Шэраг матэрыялаў тут, безумоўна, далёкі
ад біяграфічнага выкладання і, зразумела, усе аўтары прытрымліваюцца вядомага
правіла: «аб памершых гавораць або добра, або нічога».

Наступны перыяд (канец 1920-х
– 1930-я гг.) акрэсліваецца і якасцю, і колькасцю мемуарнай літаратуры.
Рэпрэсіі вымушалі многіх аўтараў гаварыць меней аб сабе, болей аб падзеях. Да
таго ж падштурхоўвала і татальная ідэалагізацыя. Мемуары нівеліруюцца, губляюць
сваю індывідуальнасць і адметнасць. Яны не вельмі цікавыя для прачытання, але
гэта не змяншае іх каштоўнасці як гістарычнай крыніцы. Асобна трэба сказаць аб
мемуарнай літаратуры, што друкуецца на старонках шматлікіх перыядычных выданняў
Заходняй Беларусі. У гэты ж час з’яўляецца і шэраг зборнікаў, прысвечаных
асэнсаванню таго шляху, які прайшоў беларускі нацыянальны рух. У сярэдзіне
1930-х гг. спачатку на замежных мовах, а пасля 1937 г. на беларускай мове
друкуюцца ўспаміны вядомага тэатральнага дзеяча і драматурга Ф. Аляхновіча «У
кіпцюрах ГПУ». Гэта першая публікацыя аб сталінскіх рэпрэсіях на Беларусі.

У час нямецка-фашысцкай
акупацыі Беларусі аповесць Ф. Аляхновіча друкавалася ў калабарацыйных выданнях.
Нешматлікасць мемуарнай літаратуры, перадрукоўка ўжо выдадзеных матэрыялаў
характарызуе гэты перыяд. Большасць запісаў вялася выключна для сябе
(партызанскія дзённікі і інш.). Вайна не спрыяла пашырэнню такой з’явы, як
мемуарная творчасць. Асобныя творы, што з’яўляліся ў гэты час, хутчэй
нагадваюць справаздачы, чым эмацыянальнае ўражанне аб пачутым і перажытым.

Не
адбылося істотных змен у развіцці мемуарнай літаратуры і ў першае пасляваеннае
дзесяцігоддзе. У большасцi той невялікай колькасці мемуарных твораў, што
з’явіліся ў гэты час, пераважала ваенная тэматыка. Першыя партызанскія мемуары
ствараліся па падабенству працы П. К. Панамарэнкі. Шэраг мемуарных крыніц, якія
ўзніклі ў перыяд вайны і першыя пасляваенныя гады, адклаўся ў архівасховішчах.
Да ліку апошніх можна аднесці апытальныя лісты («опросные листы для
возвратившихся на Родину из германской неволи»). Гэта унікальная крыніца па
пытаннях вывазу беларускага насельніцтва ў Германію і наступнага іх вяртання на
Радзіму (анкеты запаўняліся ў 1945 – 1946 гг., больш за 8,5 тыс. анкет).

Пачынаючы з другой паловы
1950-х гг. сітуацыя істотна змяняецца. Ваенная тэматыка захоўвае сваё значэнне,
але кола жадаючых выказацца істотна пашыраецца. Велізарная хваля выданняў
партызанскай літаратуры асабліва акрэсліваецца па БССР у 1970-я – пачатку
1980-х гг. (па няпоўных дадзеных, за гэты час у рэспубліцы было выдадзена да
300 кніг і зборнікаў успамінаў падпольнага і партызанскага руху). Гэта не
толькі ўспаміны кіраўнікоў Беларускага партызанскага руху (П. З. Калінін), але
і мемуары сярэдняга кадравага звяна партызанскага руху – кіраўнікоў
партызанскіх брыгад і злучэнняў, дыверсійных груп і г. д. Асвятленне падзей
істотна залежала ад таго месца ў іерархічнай лесвіцы, якое займаў той ці іншы
аўтар падчас вайны. Пры гэтым вышэйшае кіраўніцтва мела магчымасць скарыстаць,
акрамя звестак з сваёй памяці, і іншыя крыніцы. Ва ўспамінах жа сярэдняга звяна
партызанскіх кіраўнікоў падзеі, што адбываліся працяглы час, перададзены вельмі
прыблізна. Асноўная ўвага ў азначаных мемуарных творах прысвечана найперш
баявой дзейнасці. За невялікім выключэннем, у іх не апавядаецца аб няўдалых
баявых аперацыях і памылках партызанскіх камандзіраў. У адносінах да мірнага
насельніцтва пераважна прыводзяцца толькі факты падтрымкі і супрацоўніцтва.
Безумоўна, што вывучэнне такiх твораў павінна праводзіцца пры абавязковым
супастаўленні іх звестак (у найбольшай ступені гэта датычыцца вынікаў баявых
дзеянняў – падрываў рэек, мастоў, знішчэння жывой сілы ворага і г. д.).

У азначаны перыяд з’яўляюцца
звесткі аб шэрагу падпольных арганізацый, побач з успамінамі партызан усё
часцей друкуюцца і мемуарныя творы падпольшчыкаў. Большасць публікацый выйшла
да свята 40-годдзя вызвалення Беларусі, у прыватнасці два грунтоўныя зборнікі.

У 1960 – 1980-я гг. пэўнае
асвятленне ў мемуарнай літаратуры атрымліваюць старонкі абарончых баёў на
тэрыторыі Беларусі летам 1941 г. і яе вызвалення ў 1943 – 1944 гг. Яны
закраналіся ва ўспамінах М. М. Воранава, Г. К. Жукава, І. М. Русіянава і інш.

У 1970-х гг. з’яўляюцца і
іншыя накірункі ў мемуарнай літаратуры. Выходзяць у свет успаміны тых, хто не
прымаў непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Колькасць успамінаў партыйных і
савецкіх кіраўнікоў такога кшталту на Беларусі была невялікай, паколькі пры
падборы кіруючага складу строга выконвалі «партызанскі» прынцып. У шэрагу такіх
мемуарных твораў нельга не адзначыць успаміны беларускага дыпламата К. В.
Кісялёва.

Дарэчы, прыжыццёвае і
пасмяротнае выданні (Кузьма Венядзіктавіч памёр 4 мая 1977 г.) істотна
адрозніваюцца. Першае больш эмацыянальнае, непасрэднае па сваім змесце, тут шмат
гумару (нават анекдоты). У другім – асноўная ўвага канцэнтруецца на «хібах
капіталістычнага ладу», станоўчае ва ўбачаным і пачутым за мяжой амаль знікае.
К. В. Кісялёў імкнецца быць дакладным у фактах, і ўсё ж многія з яго сведчанняў
мэтазгодна (і вельмі карысна) спалучыць з вывучэннем дакументаў
знешнепалітычнай дзейнасці БССР.

У 1970 – 1980-я гг.
з’яўляюцца ўспаміны, у якіх адлюстроўваліся мерапрыемствы Савецкай улады ў
Заходняй Беларусі, дзейнасць Кампартыі Заходняй Беларусі. Пры гэтым асобныя з
аўтараў (як і многія савецкія кіраўнікі) выкарыстоўваюць розныя архіўныя
дакументы, друк, перапіскуі г. д. У выніку такія мемуарныя творы набываюць рысы
навуковых даследчыцкіх прац.

Характэрная рысай мемуарнай
літаратуры перыяду другой паловы 1950 – сярэдзiны 1980-х гг. з’яўляецца выхад у
свет зборнікаў успамінаў, прысвечаных пэўным асобам, выдомым дзеячам
падпольнага і партызанскага руху, а таксама выдатным беларускім пісьменнікам і
паэтам.

Успаміны саміх дзеячаў
культуры ў гэты час з’яўляюцца ў розных формах – ад невялікіх нарысаў (нашкалт
«З жыццяпісу» У. Караткевіча) да грунтоўных выданняў у некалькіх кнігах (для
прыкладу, мемуары З. І. Азгура «То, что помнится…»). Успаміны П. В. Мядзёлкі
(Сцежкамі жыцця. Мн., 1974) апавядаюць пра асобныя малавядомыя старонкі
разгортвання нацыянальнага руху. Вывучаючы іх, можна заўважыць і прысутнасць
пэўнай унутранай цэнзуры («внутреннего городового» паводле вобразнага
вызначэння М. Е. Салтыкова-Шчадрына), і цэнзуры рэдактарскай, дзяржаўнай. З
часу пераезду ў БССР у 1925 г. звесткі Паўліны Вінцэнтаўны становяцца занадта
лаканічнымі, знікае эмацыянальнасць, вобразнасць («са старонак мемуараў знікае
жыццё»).

Безумоўна, больш цікавыя
звесткі былі ў тых успамінах, якія пісаліся без аглядкі на цэнзуру. Але асобныя
з іх (як рукапіс Ларысы Геніюш) не маглі быць апублікаваны. Іншыя ж
публікаваліся толькі за мяжой.

Дарэчы, перыяд другой паловы
1950 – сярэдзiны 1980-х гг. сапраўды характарызуецца пашырэннем выданняў
мемуарнай літаратуры дзеячаў беларускай эміграцыі. Я. Калубовіч, В. Рагуля, Я.
Малецкі і многія іншыя імкнуліся асэнсаваць пройдзены нацыянальным рухам шлях,
зрабіць пэўныя высновы і для сябе, і для нашчадкаў. Падабенства лёсу гэтых
аўтараў прадвызначыла ў многім падабенства і накіраванасць іх твораў. І ўсё ж
кожны з іх мае і сваё гучанне, і свой асобны змест.

Так, В. Рагуля (былы
беларускі пасол і сенатар польскага сейма ў 1920 – 1930-х гг.), акрамя сваёй
біяграфіі, канцэнтруе ўвагу чытача на падзеях у польскім парламенце міжваеннага
часу. Ён дэтальна аналізуе тэхнічны бок (падрыхтоўка, фінансаванне выбарчай
кампаніі), прыводзіць цікавыя характарыстыкі беларускіх паслоў, аналізуе працу
ў сойме і сенаце і інш.

У той жа час ва ўспамінах Я.
Малецкага пераважаюць звесткі аб падзеях з часу ўз’яднання Беларусі (1939 г.).
Зразумела, што аўтар акрэслівае адносіны насельніцтва да Савецкай улады і
асабліва дэтальна аналізуе дзейнасць бальшавікоў у Вільні, акрэслівае масавыя
дэпартацыі. Апісанне Я. Малецкім падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны цікавае
тым, што аўтар належаў да сярэдняга звяна калабарацыйнага руху і таму мог больш
рэальна ацэньваць вынікі дзейнасці яго кіраўніцтва. У азначаным творы
прыводзяцца цікавыя характарыстыкі Ф. Акінчыца, Р. Астроўскага, І. Ермачэнкі.
Безумоўна, што партызаны для яго – «бандыты», салдаты Чырвонай Арміі –
«азіяцкага паходжання».

Увогуле нельга лічыць, што
творы дзеячаў беларускай эміграцыі, пазбаўленыя цэнзуры, больш дакладна
характарызуюць рэчаіснасць. Гэта толькі «праўда з аднаго боку», азначаныя
аўтары жылі стэрэатыпамі свайго часу, настроямі таго асяродку беларускай
эміграцыі, які характарызаваўся асаблівай псіхалогіяй і своеасаблівымі
адносінамі да Савецкай улады.

Урэшце, апошні перыяд (як ужо
адзначалася вышэй) яшчэ толькі акрэсліўся ў мемуарнай літаратуры. Галоўная яго
рыса – публікацыя тых твораў, якія, безумоўна, не маглі быць надрукаваны раней.
Сапраўднай падзеяй стала выданне рукапісу Л. Геніюш, што з лёгкай рукі М.
Чарняўскага атрымаў назву «Споведзь». Сапраўды, Л. Геніюш можна назваць
сумленнем нашай эпохі, сумленнем беларускай эміграцыі. Адданая справе,
патрабавальная да сябе і да іншых, часам даволі рэзкая ў ацэнках, яна проста не
магла жыць інакш. Л. Геніюш – таксама дзеяч беларускай эміграцыі, але паколькі
яе ўспаміны пісаліся ў савецкіх умовах, то гэта адасабляе іх ад выдадзеных за мяжой.
Аднак напісаны мемуары без аглядкі на цэнзара, следчага або стукача, гэта
сапраўды споведзь – перад Богам, сучаснікамі, нашчадкамі. Ведаючы жыццё Л.
Геніюш, можна дараваць ёй залішнюю падазронасць, якая знайшла адбітак і ў яе
творы.

Сапраўды, на мяжы паміж
жыццём і смерцю многія пераасэнсоўваюць мінулае, імкнуцца больш шчыра выказацца
аб набалелым. Таму можна зразумець з’яўленне чарговых успамінаў П. Панамарэнкі
(Неман. 1992. № 3 – 4), А. Карпюка (Там жа, «Прощание с иллюзиями»).

Вельмі цікавыя ўспаміны аб
дзейнасці беларускіх нацыянальных арганізацый у першыя пасляваенныя гады. У
гэтым напрамку асаблівае значэнне мае выданне зборніка «Гарт. З успамінаў пра
Саюз Беларускіх Патрыётаў» (Глыбокае, Паставы. 1945 – 1947).

Публікацыі ўспамінаў,
безумоўна, павінны быць прадоўжаны. І не толькі аб дзейнасці нацыянальных груп.
Неабходна адлюстраваць рэальнае жыццё тых пакаленняў, якія адчулі, што такое
калектывізацыя і раскулачванне, якія аднаўлялі разбуранае вайной жыццё не
толькі кіраўнікоў, але і тых простых людзей, што самі пісаць успаміны не будуць
ніколі. Памяць чалавека – крыніца мемуараў – памірае з яго носьбітам. І гэта
накладвае вялікую адказнасць перад сучаснымі пакаленнямі не толькі гісторыкаў,
архівістаў і музеязнаўцаў, але і ўсёй інтэлігенцыі.

ЛIТАРАТУРА

1.   А. Мальдзiс «Беларусь у
люстэрку мемуарнай лiтаратуры XVIII ст.». Мн., 1982.

2.   Гл.: Севергин В.М. Записки
путешествия по западным провинциям Российского государства. Спб., 1803 (1804);

3.   Лажечников И.И. Походные
записки русского офицера. М., 1820 (перавыдадзена ў 1836 г.).

4.   Жданов М.П. Путевые записки
по России в двадцати двух губернях. Спб., 1843; Щукин Н.С. Заметки о Белоруссии
// Журнал министерства внутренних дел. 1846.

5.   № 4; Шишкина О.П. Заметки к
воспоминаниям русской путешественницы по России в 1845 году. Спб., 1848;
Захаров И.Д. Путевые записки русского художника… Спб., 1854; Мацкевич Д.
Путевые заметки. Киев, 1856 i iнш.

6.   Швед В. З дзекабрыстамi праз
Беларусь // Беларусь. 1990. № 2.

7.   Напрыклад, успаміны
А.Я.Розена былі выдадзены толькi ў 1907 г. Гл.: Розен А. Е. Записки декабриста.
Спб., 1907, а таксама фундаментальнае выданне: Восстание декабристов (Материалы
и документы). Т.1 – 12. М.; Л., 1925 – 1969.

8.   Гл.: Жиркевич И.С. Записки
генерала Ивана Степановича Жиркевича // Русская старина. 1890. Т.67. Август. С.
234 – 235; Чебодько А. Из воспоминаний об унии в Белоруссии в начале XIX века
// Русский архив. 1903. Ч.3. № 12. С. 537 – 544; i iнш.

9.   Гл.: Луцкевiч А. Дзённiк //
Полымя. 1991. № 4 – 5.

10.Гл.:
Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў. Анатаваны паказальнік мемуарнай
літаратуры. 1917 – 1972. Мн., 1993.

11.У
якасці прыкладу можна прывесці зборнік: 1917 год в деревне. М.; Л., 1929.

12.Памяці
Івана Луцкевіча ў першыя ўзгодкі смерці яго. Вільня, 1920.

13.Прыкладам
апошняга можа служыць твор: А.Луцкевіч. За дваццаць пяць гадоў. Вільня, 1928.

14.Прыкладам
з’яўляецца кніга: Панамарэнка П.К. Партызанскі рух у Вялікай Айчыннай вайне.
М., 1943.

15.Падрабязней
гл.: Курков И.И. Анкета как исторический источник (На материалах «опросных
листов для возвратившихся на Родину из германской неволи»)// Гістарычныя
крыніцы: праблемы класіфікацыі, вывучэння і выкладання. Мінск, 23 – 24
красавіка 1998 г. Матэрыялы да Міжнарод. навук.-практ. канф. Мн., 1998.

16.Калинин
П.З. Партизанская республика. 3 изд. Мн., 1973.

17.Партийное
подполье Белоруссии. 1941 – 1944. Минская область и Минск. Страницы
воспоминаний. Мн., 1984; Партийное подполье Белоруссии. 1941 – 1945. Страницы
воспоминаний. Витебская, Могилевская, Гомельская, Полесская области. Мн., 1985.

18.Баграмян
И.Х. Так начиналась война. М., 1971; Буг в огне. Мн., 1970; Жуков Г. К.
Воспоминания и размышления. М., 1974; Руссиянов И.Н. В боях рожденная. М.,
1982.

19.Киселев
К.В. Записки советского дипломата. М., 1974; Киселев К.В. Впечатления, встречи.
Записки советского дипломата. Мн., 1980.

20.Белорусская
ССР на международной арене. М., 1964, і інш.

21.Рассвет
над Неманом. Мн., 1982, і інш.

22.Орехво
Н.С. Дела и люди КПЗБ. Воспоминания. Мн., 1983.

23.Рагуля
В. Успаміны. Мн., 1993 (друк. па выданні: Успаміны. Нью-Ёрк, 1957).

24.Малецкі
Я. Пад знакам пагоні. Успаміны. Таронта, 1976.

25.Гарт. З
успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае, Паставы. 1945 – 1947).
Менск: Наша Ніва, 1997.

Метки:
Автор: 

Опубликовать комментарий